Полная версия 
Левшунов Олег Федорович
Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь шестого созыва, Заместитель председателя Постоянной комиссии по труду и социальным вопросам
Слово держу, дело делаю, слышу людей, работаю для людей!
Левшунов Олег Федорович
Главная События

События

Леўшуноў А.Ф. даў інтэрв'ю штодзённай грамадска-палітычнай газеце «Звязда»

12 08/2015
Многіх выбаршчыкаў наш сённяшні суразмоўца ведае асабіста.

Гэта і не дзіўна: Алег ЛЕЎШУНОЎ, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па працы і сацыяльных пытаннях, не толькі рэгулярна сустракаецца з жыхарамі сваёй выбарчай акругі, але і з’яўляецца ініцыятарам шматлікіх акцый. Пра тое, з якімі просьбамі і прапановамі прыходзяць да яго людзі і якія праекты ён рэалізуе ў Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе №33, Алег Леўшуноў расказаў «Звяздзе».


— Калі казаць пра характар пытанняў, то яны датычацца і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і аховы здароўя, і сацыяльнага забеспячэння… За першае паўгоддзе праведзена 7 прыёмаў грамадзян, а таксама 22 сустрэчы з выбаршчыкамі ў працоўных калектывах. Усяго разгледжана 43 пісьмовыя і вусныя звароты.

— Якія праблемы ўдалося вырашыць?

— Інвалід-калясачнік Пётр Ільіч Тарун звяртаўся да нас па пытанні безбар’ернага асяроддзя. Яму трэба было пашырыць дзверы ў некаторых пакоях кватэры, таму што праект не прадугледжвае праезду каляскі ў ванны пакой. Я звязаўся з адміністрацыяй раёна, мы знайшлі спонсара і зрабілі праём, які дае магчымасць інваліду перамяшчацца без перашкод. Другое пытанне, з якім звяртаўся той жа чалавек, — усталяванне пад’ёмніка. Гэта вельмі затратна, таму мы пакуль не дапамаглі яму.

Такіх прыкладаў можна прывесці шмат. Ёсць неаднаразовыя звароты жыхара нашага горада Андрэя Гар’евіча Аксёнава. Ён узнімае пытанні добраўпарадкавання тратуараў, усталявання парэнчаў ля спуску да ракі, бардзюраў на аўтобусных прыпынках і лавак у шматлюдных месцах. Многае мы разам з органамі мясцовай улады вырашылі. Аксёнаў пасля прыйшоў у адміністрацыю раёна і напісаў падзяку, у тым ліку і дэпутату. Гэты чалавек з’яўляецца актыўным удзельнікам грамадзянскай кампаніі «Наш дом».

Адзін выбаршчык звяртаўся да нас, каб дапамаглі яго маці атрымаць іншую групу інваліднасці. Яна мела другую групу, але па стане здароўя была неабходнасць устанавіць першую. Сын з маці звярталіся ў адпаведныя інстанцыі, але пытанне чамусьці не вырашалася. Пасля майго запыту ў органы дзяржаўнай улады, што адказваюць за ахову здароўя, была праведзена экспертыза і пажыццёва ўстаноўлена першая група інваліднасці.

Вельмі цеснае супрацоўніцтва склалася з Асацыяцыяй сем’яў дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з дзіцячым цэрэбральным паралічом і спінна-мазгавымі паталогіямі. У рамках акцыі «Нашы дзеці» ў канцы мінулага года мы з маімі памочнікамі арганізавалі святочнае мерапрыемства. Каб зрабіць яго цікавым для дзяцей, запрасілі артыстаў з гомельскага цырка. Арганізавалі салодкія падарункі — тут дапамагло наша прадпрыемства «Спартак». Пасля мы паехалі наведаць тых дзяцей, што не змаглі прыняць удзел у свяце. У выніку выявіўся шэраг праблем, якія тэрмінова трэба было вырашаць. Некаторым дзецям неабходны былі каляскі для перамяшчэння. Органы мясцовай улады па-магчымасці дапамаглі ў свой час, але ж дзеці растуць, і, адпаведна, штогод ім патрэбны новыя каляскі. Мы дапамаглі Мікіту Сароку і Дашы Кадыш. Дашы мы дасталі спецыяльную прагулачную каляску. Мікіта ж амаль не можа рухацца, і яму патрэбна была стойка-вертыкалізатар, каб ён хаця б мог трымацца на нагах. Мы дапамаглі яму і ўручылі яго сям’і неабходнае абсталяванне.

— Як вы кантактуеце з дэпутамі мясцовых Саветаў?

— У нас вельмі цеснае супрацоўніцтва з органамі мясцовага самакіравання. У гэтым годзе я прыняў удзел у чатырох пасяджэннях гарадскога і абласнога Саветаў дэпутатаў і трох пасяджэннях гарадскога выканаўчага камітэта. Як дэпутат, я магу падняць пэўную праблему падчас пасяджэння таго ці іншага выканаўчага органа і звярнуцца да тых ці іншых службовых асоб. Нас чуюць, ідуць насустрач і дапамагаюць.

Што да сумеснай працы з дэпутатамі мясцовага ўзроўню, то гэтае ўзаемадзеянне таксама мае шмат кірункаў. Напрыклад, праводзіўся семінар «Роль органаў мясцовага самакіравання». У ім прымалі ўдзел і кіраўнікі домаўладанняў, і Савет старэйшын, і проста жыхары запрашаліся, абмяркоўваліся набалелыя пытанні: і добраўпарадкаванне, і рамонт жылля, і дапамога адзінокім людзям.

Мы ведаем, што гэты год кіраўніком дзяржавы аб’яўлены Годам моладзі, акрамя таго, ён праходзіць пад знакам 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Мне, як воіну-інтэрнацыяналісту, унуку ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, тэма таксама блізкая. Мной была аб’яўлена акцыя пад назвай «Вялікая Перамога — вечная памяць» (пра адзін з яе этапаў «Звязда» пісала ў сакавіку. — Аўт.), да ўдзелу ў ёй былі запрошаны дэпутаты мясцовых Саветаў. Яны адгукнуліся. Акцыя была аб’яўлена ў сакавіку і працягваецца дагэтуль. Яна мае шмат этапаў. Гэта і пасадка чырвоных дубоў у цэнтры Гомеля ў гонар тых, хто не вярнуўся з вайны, і наведванне Палаты прадстаўнікоў, і паездка па месцах баявой славы Гомельшчыны (мы ехалі па маршруце Гомель — Рэчыца — Лоеў — Брагін — Гомель)… У акцыі таксама прынялі ўдзел ветэраны, школьнікі, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў «Белая Русь» і «БРСМ», журналісты, ветэраны вайны ў Афганістане, прадстаўнікі раённых аддзелаў адукацыі, а таксама мае калегі — дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з тых гарадоў, якія наведалі. Мы ўскладалі кветкі, гутарылі з ветэранамі. Па выніках паездкі было вельмі шмат станоўчых водгукаў: сапраўды, трэба як мага больш даведвацца пра сваю радзіму і памятаць герояў, якія аддалі жыццё за той край, дзе мы жывём.

— Вы расказалі пра акцыю, прысвечаную Дню Перамогі «Вялікая Перамога — вечная памяць». А якія яшчэ акцыі вы праводзіце ў сваёй акрузе?

— Разам з адміністрацыяй Цэнтральнага раёна Гомеля штогод праводзяцца турніры па валейболе ў гонар памяці майстра спорту Савецкага Саюза Аляксандра Падасінава. Яшчэ адна акцыя, у якой я непасрэдна ўдзельнічаю, — гэта «Збяры партфель першакласніку». Праводзіўся конкурс навукова-творчых работ школьнікаў «Вайна ў лёсе маёй сям’і», па выніках яго найлепшыя працы былі надрукаваны ў «Гомельскім весніку». Гэта толькі некаторыя з акцый, якія праводзяцца ў маёй акрузе.

Увогуле, я вельмі ўдзячны органам мясцовай улады, грамадскім аб’яднанням, у прыватнасці Беларускаму саюзу ветэранаў вайны ў Афганістане, за дапамогу і падтрымку. Спадзяюся, наша супрацоўніцтва будзе плённым і надалей.

Надзея ЮШКЕВІЧ
газета "Звязда" №152 (28010) 12 жніўня 2015 г.

http://zviazda.by/2015/08/95810.html
http://zviazda.by/wp-content/uploads/2015/08/12zni-3.indd_.pdf



Все новости